Перамагаючы хваробы і смутак

0 29

        Перамагаючы хваробы і смутак
На фота злева направа: протаіерэй БПЦ Кірыл Шалкоў; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; галоўны ўрач Мінскага гарадскога цэнтра медрэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі Аляксандр Якаўлеў, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Фота Таццяны Русаковіч, «МВ».

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведалі Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі.

 

Дзмітрый Піневіч:

 

У гэтыя святочныя дні хачу павіншаваць вас са светлым святам Раства Хрыстова, калегам падзякаваць за працу, за прафесіяналізм, за міласэрнасць. Дзецям ды іх бацькам пажадаць усяго самага-самага найлепшага, поспехаў і выздараўлення.

 

Уладыка правёў малебен, каб перамагчы хваробы і смутак, і блаславіў прысутных. А ў падарунак ад удзельнікаў акцыі цэнтр атрымаў маршавую лесвіцу з брусамі, якія рэгулююцца. Па словах галоўнага ўрача Аляксандра Якаўлева, гэтая лесвіца неабходная, каб вучыць дзяцей хадзіць па ёй. Бо звычайныя прыступкі часам з’яўляюцца непераадольнай перашкодай.

 

Мерапрыемства адбылося ў межах акцыі «Дарогай міласэрнасці — дапамога хоспісам Беларусі», мэта якой — збор падарункаў для дзяцей з хоспісаў і дамоў дзіцяці з паліятыўнымі палатамі. На сайце www.daridobrovolets.by можна паглядзець спіс хворых і што б яны хацелі атрымаць на Раство. Кожны ахвочы можа паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі. Развозяць падарункі па адрасатах з 7 па 19 студзеня.

 

Святочны настрой для гасцей мерапрыемства ствараў сваімі песнямі маладзёжны хор брацтва ў гонар святога апостала Іаана Багаслова, якое знаходзіцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Выступілі з вершамі і дзеці з медустановы.

 

Источник: medvestnik.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.