У 3-й ГКБ імя Я. У. Клумава адкрыўся музей

0 10

        У 3-й ГКБ імя Я. У. Клумава адкрыўся музей
Калектыўнае фота з маладымі «клумаўцамі». Побач з першым намеснікам міністра аховы здароўя Аленай Кратковай — ветэран працы Уладзімір Трахтэнберг. Фота Таццяны Русаковіч, «МВ».

У дворыку найстарэйшай бальніцы Мінска, 3-й ГКБ імя Я. У. Клумава, адкрыўся музей памяці і славы «Подзвіг міласэрнасці». У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова, старшыня Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя Георгій Будрэвіч, старшыня Ленінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў горада Мінска Алена Клімовіч і пратаіерэй БПЦ Кірыл Шалкоў.

 

Музей прысвечаны прафесару медыцыны, акушэру-гінеколагу, хірургу і ўдзельніку Мінскага падполля Яўгену Клумаву. Экспазіцыя «Дарога даўжынёй у вечнасць» дзеліцца на чатыры часткі: інфармацыйна-выставачную, прадметна-рэчыўную, архіўна-дакументальную і фотагалерэю памяці. Сярод экспанатаў — старыя фотаздымкі бальніцы і яе кіраўнікоў, Памятны Сцяг ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета міністраў і Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, словы віншавання і падзякі да 190-годдзя бальніцы ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

 

Аднапавярховы будынак з чырвонай цэглы стаў апошнім месцам жыцця Героя Савецкага Саюза Яўгена Клумава. Разам з жонкай Галінай ён у 1944 годзе ўвайшоў у фашысцкі аўтамабіль-душагубку…

 

Урач выратаваў ад прымусовых работ у Германіі больш за тысячу чалавек — выпісаў ім несапраўдныя даведкі аб непрацаздольнасці. Дапамагаў і першай падпольнай арганізацыі горада, дзякуючы Клумаву медыцынскімі лекамі забяспечваліся два партызанскія атрады.

 

У дзень адкрыцця музея «клятва клумаўцаў» прагучала ў 55-ты раз. Сёлета яе прамовілі 11 маладых спецыялістаў.

 

Алена Краткова:

 

Сёння вы сталі часткай гэтай легендарнай установы. Вам ёсць у каго вучыцца і з каго браць прыклад. Упэўнена, што будучыня бальніцы ў надзейных руках. Сваёй працай вы будзеце развіваць і праслаўляць навуку, практычную частку аховы здароўя.

 

А самае галоўнае, ваша праца будзе садзейнічаць здароўю нашых людзей. Патрапіць на першае працоўнае месца ў найлепшы стацыянар Мінска — гэта вялікі гонар і вялікія магчымасці, прапанаваныя вам з першых працоўных дзён. Хачу пажадаць, каб вы скарысталіся імі разумна і рацыянальна.

 

Шматгадовая традыцыя даваць клятву на вернасць Радзіме і абранай прафесіі пачалася 4 снежня 1967 года, у дзень нараджэння Яўгена Клумава. У 1938 годзе прафесар напісаў свой наказ маладым медыкам, якія ўступаюць на працоўны шлях: «Усе свае сілы, усе свае веды вы павінны аддаваць на карысць народу і дзеля росквіту вашай любімай Радзімы». Арыгінал дакумента можна ўбачыць у музеі.

 

Галоўны ўрач 3-й ГКБ Наталля Саевіч кажа, што ўжо ёсць кім ганарыцца, і ставіць у прыклад урача-акушэра-гінеколага аддзялення паталогіі цяжарнасці Наталлю Звярко. Імя дзяўчыны ўнесена ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі.

 

На святочную падзею прыйшоў Уладзімір Трахтэнберг, ветэран працы, урач-рэнтгенолаг, адпрацаваўшы ў 3-й ГКБ больш за 50 год. У падарунак ён прынёс сваю трубу, на якой іграў шмат год у эстрадным аркестры бальніцы.

 

Уладзімір Трахтэнберг:

 

Для мяне музей — гэта сустрэча з сябрамі, з тымі людзьмі, якіх ужо няма побач з намі. Падлічыў, што з дома на працу ўсяго я прайшоў 14 900 км. Гэтак мог бы дайсці да Далёкага Усходу. І дапамог больш за 300 тысячам чалавек.

 

Не абмінулі свята і навучэнцы 54-й сярэдняй школы Мінска імя Я. У. Клумава. На сцэне бальніцы школьнікі паказалі пастаноўку, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Яе аўтарамі сталі педагогі Кірыл Громаў і Анастасія Зінкевіч.

 

Для наведвальнікаў музей памяці і славы «Подзвіг міласэрнасці» працуе штодня. Дадатковую інфармацыю можна прачытаць на сайце 3-й ГКБ імя Я. У. Клумава.

 

Источник: medvestnik.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.