Цэнтральная міжраённая аптэка  № 90 Гродзенскага РУП «Фармацыя» адзіная ў рэгіёне працуе ў такім статусе

0 157

        Цэнтральная міжраённая аптэка  № 90 Гродзенскага РУП «Фармацыя» адзіная ў рэгіёне працуе ў такім статусе
Фармацэўт-рэцэптар Раіса Юргелевіч, правізар-арганізатар Алена Кашчыц і правізар-рэцэптар Таццяна Спірынцава. Фота аўтара.

Тэрытарыяльна размешчаная ў Ашмянах, яна забяспечвае лекавымі сродкамі і медыцынскімі вырабамі два раёны — Ашмянскі і Астравецкі (усяго 16 аптэк). Тут жа вырабляюць лекі па індывідуальных рэцэптах урачоў і заяўках арганізацый аховы здароўя.

 

Марына Гучык, загадчыца ЦМА № 90:

 

У нашай структуры 11 гарадскіх і 5 сельскіх аптэк, і мы павінны поўна і своечасова забяспечваць іх лекавымі сродкамі. Кожны загадчык аптэкі ведае свой попыт, аб’ёмы рэалізацыі і правільна ажыццяўляе асартыментную палітыку. Калі ж раптам недзе чагосьці не хапіла, мы заўсёды дзелімся гатовымі лекавымі сродкамі. Не дапускаем дэфіцыту і ажыятажу.

 

Дзяржаўная сетка забяспечвае пацыентаў лекамі па бясплатных і льготных рэцэптах. Утрымлівае пераважна стратныя сельскія аптэкі (нельга ж пакінуць вяскоўцаў без таблетак і мікстур). І, нягледзячы на значныя выдаткі, працягвае вырабляць лекавыя сродкі па індывідуальных рэцэптах.

 

Марына Гучык:

 

Аптэчны выраб лекаў, вядома, не такі маштабны, як было яшчэ 20–30 гадоў таму. Прамысловасць вельмі хутка развіваецца і выпускае шмат гатовых лекавых форм. Але ёсць абмежаваны кантынгент спажыўцоў (напрыклад, немаўляты), для якіх не падыходзяць стандартныя дазіроўкі. Вытворчасці цяжка падстроіцца пад індывідуальныя запыты: з-за невялікіх аб’ёмаў гэта было б вельмі затратна. Таму лекавыя формы для нованароджаных і дзяцей да года вырабляюць аптэкі.

 

ЦМА № 90 забяспечвае лекамі, зробленымі па індывідуальных рэцэптах, жыхароў двух раёнаў. Для гэтага тут створана вельмі добрая база, працуюць адмысловыя спецыялісты — фармацэўт-асістэнт і правізар-аналітык. Акрамя лекаў для немаўлят тут вырабляюць вонкавыя сродкі, якія ў індывідуальнай дазіроўцы прызначаюць урачы-дэрматавенеролагі. А яшчэ гатуюць лекавыя формы для фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ашмянскай ЦРБ і індывідуальных прадпрымальнікаў (часцей за ўсё растворы для стаматалагічных кабінетаў).

 

Сёння ЦМА № 90 — гэта прафесійная каманда з вялікім стажам. Усе супрацоўнікі аптэкі пераважна мясцовыя, ашмянскія. І нават тыя маладыя фармацэўты, правізары, якія некалі прыехалі з іншых раёнаў, засталіся.

 

Марына Гучык:

 

Асаблівасць нашага калектыву ў тым, што ўсе мы вельмі дбаем пра свой аўтарытэт. Мы выраслі тут, ведаем усіх людзей. І нам важна, каб яны былі задаволены нашай працай. Няма нічога больш каштоўнага, чым павага і давер землякоў.

 

Марына Гучык:

 

Вядома, вытворчасць лекаў па індывідуальных рэцэптах стратная для нас. Значная частка затрат кладзецца на аптэку. Але мы не можам пазбавіць насельніцтва гэтага сегмента. Наша сацыяльная задача — зрабіць індывідуальныя лекі даступнымі для сем’яў, якія маюць у гэтым патрэбу.

 

Источник: medvestnik.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.